БУЙНА́Я БЕ́ЛАЯ ПАРО́ДА свіней. Выведзена ў сярэдзіне 19 ст. ў Вялікабрытаніі складаным узнаўленчым скрыжаваннем мясц. познаспелых даўгавухіх свіней са скараспелымі кітайскімі і мнагаплоднымі неапалітанскімі. У канцы 19 — пач. 20 ст. завезена ў Расію, дзе на яе аснове выведзены буйныя белыя свінні трох тыпаў прадукцыйнасці: мясны, мяса-сальны і сальны. Пашыраны ў краінах Еўропы, ЗША Канадзе, Кітаі, Карэі, Японіі, Новай Зеландыі. На Беларусі выведзены бел. тып буйной белай пароды — БКБ-1 (1975) і заводскія тыпы — «Мінскі» адкормачны і «Віцебскі» мясны (1990). Буйная белая парода — асн. планавая парода універсальнага кірунку прадукцыйнасці на Беларусі (больш за 70% ад агульнага пагалоўя пародных свіней). Гадуецца амаль паўсюдна, выкарыстоўваецца для прамысл. скрыжавання з інш. пародамі, для мяснога і беконнага адкорму маладняку і для сальнага — дарослых жывёл.
Свінні моцнай канстытуцыі, з тулавам сярэдняй даўжыні, сярэднім кумпяком, з моцнымі правільна пастаўленымі нагамі, маюць невял. галаву, прамастаячыя вушы. Маса дарослых кныроў 310—350 кг, матак 230—250 кг і больш, даўж. тулава адпаведна 183 і 167 см, пладавітасць 11—12 парасят за апарос.
М.А.Лобан.
т. 3, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)